Ніл Гілевіч пра Яўгенію Янішчыц (1993)

Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч дзеліцца сваімі ўспамінамі пра таленавітую беларускую паэтэсу Яўгенію Янішчыц. Некалі ён назваў яе “палескай ластаўкай” і такая характарыстыка прыжылася. Праз пяць гадоў пасля яе смерці ён распавёў пра творчасць і талент паэтэсы. Яўгенія Янішчыц – адзін з самых яркіх і выдатных талентаў у нашай нацыянальнай паэзіі. Таленавітая прыгажуня скарыла чытачоў і крытыкаў ці не адразу ж пасля першай кнігі “Снежныя грамніцы”. Яўгеніі было на той час 22 гады. Яна мела непараўнальны, незабыўны паэтычны голас. Яна зрабіла кар’еру ў Саюзе пісьменнікаў. І ў той жа час асабістае жыццё паэткі складвалася не вельмі ўдала… Яўгенія Янішчыц – (20 лістапада 1948, – 25 лістапада 1988) – беларуская паэтэса, перакладчыца. Нарадзілася ў вёсцы Рудка Пінскага раёна Брэсцкай вобласці у сялянскай сям’і, бацька – бондар, цясляр, маці – працаўніца калгаса. Сям’я жыла спачатку ў вёсцы Рудка, потым пабудавалі новы дом у вёсцы Велясніца. Першы муж маці Марыі Андрэеўны, Ёзас Янішчыц, загінуў на вайне ў 1944 годзе, ад яго Яўгеніі засталося прозвішча (аб гэтым яна пісала ў вершы «Памяці Ёзаса Янішчыца»). Другі муж маці, Іосіф Патапчук – бацька Яўгеніі Янішчыц – памёр у 1975 годзе. Маці стала двойчы ўдавой і пакінула гэты свет у 2006 годзе. Дзяцінства будучай паэткі прайшло на вёсцы. У 1955 годзе яна пайшла ў першы клас Рудкаўскай пачатковай школы. У чацвёртым класе напісала свой першы верш і прысвяціла яго маці. Пасля заканчэння Рудкаўскай пачатковай школы вучылася спачатку ў Мерчыцкай васьмігодцы, а 9–10 класы скончыла ў Парэцкай сярэдняй школе (Пінскі раён). Самы першы твор прачытала на школьнай вечарыне, прысвечанай Я. Коласу. У снежні 1962 года ў раённай газеце «Палеская праўда» з’явіліся першыя друкаваныя творы Яўгеніі. Вершы 17-гадовай дзяўчыны друкаваліся ў пінскай раённай газеце, у рэспубліканскіх газетах і часопісах. У 1966 годзе, пасля заканчэння сярэдняй школы, Яўгенія Янішчыц паступіла на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. Стала дыпламантам беларускага фестывалю творчасці моладзі (1970). Пасля заканчэння ўніверсітэта (1971) пайшла працаваць загадчыцай бібліятэкі ў ЦК ЛКСМБ. У гэтым жа годзе выйшла замуж за беларускага паэта Сяргея Панізніка. Праз пэўны час з’ехала ў Чэхаславакію, дзе муж служыў ваенным журналістам. Аднак хутка вярнулася на радзіму, да маці, і ў 1972 годзе нарадзіла сына Андрэя. Без дапамогі мужа гадавала сына, шлюб у студзені 1976 года быў афіцыйна скасаваны. У 1976 годзе Яўгенія Янішчыц уладкавалася працаваць літкансультантам у «Сельскую газету». Атрыманая ў 1977 годзе ў Мінску на вуліцы Ульянаўскай кватэра дазволіла канчаткова замацавацца ў сталіцы. У 1981 годзе Яўгенія удзельнічала ў працы XXXVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. 5 сакавіка 1982 года ў «ЛіМе» была надрукаваная паэтычная нізка пісьменніцы «Спакойныя вершы», прысвечаная паездцы ў ЗША. У 1983 годзе яна становіцца загадчыкам аддзела паэзіі часопіса «Маладосць». У 1988 годзе атрымлівае новую трохпакаёвую кватэру на вуліцы Старажоўскай ля Нямігі. У апошнія гады жыла адна, выхоўвала сына. У яе жыцці былі перыяды творчага ўзлёту, прызнання і часы смутку, расчаравання. Цяжка і марудна Яўгенія Янішчыц папраўлялася пасля аварыі ў Магілёве ў 1976 годзе, калі атрымала мноства пераломаў і была надоўга прыкавана да бальнічнага ложка. Яна так і не здолела перамагчы фізічны боль і пакуты, што, у сваю чаргу, паўплывала на дэпрэсіўныя настроі ў апошнія гады жыцця. Па афіцыйнай версіі, паэтка трагічна загінула. Яна выпала з восьмага паверха аднаго з мінскіх дамоў. Ніл Гілевіч асабіста быў блізка знаёмы з Яўгеніяй Янішчыц. Праз пяць гадоў ён сказаў гэтыя словы ў інтэрв’ю Уладзіміру Субату. Яшчэ праз пяць гадоў пасля інтэрв’ю Ніл Гілевіч напіша верш-прысвячэнне Яўгеніі Янішчыц “Я хацеў бы адно…” (1998). Вось ён: Успаміны пра Жэню? Даруйце, але… Я не здолею іх напісаць. Сэрца вугаль-графіт даастатку скрышыўся, ад жалю размяклы. Я хацеў бы адно – калі дойдзе мой голас – ёй ціха сказаць: «Кепска, Жэнечка... Долю здабыць Беларусі не можам ніяк мы…» === Інтэрв’ю запісана ў 1993 г. Аўтар – Уладзімір Субат, рэжысёр – Валянціна Гумілеўская.
Back to Top