ЖЫТА, СОСНЫ І ВАЛУНЫ. Наста Кудасава 🔳 Ніл Гілевіч

Наста Кудасава чытае верш Ніла Гілевіча “Жыта, сосны і валуны“ (1986) #незагаснуцьзоркіўнебе - паэтычная хрэстаматыя да 90-годдзя заснавання Саюза беларускіх пісьменнікаў 👉 Усе творы 🔳 Наста Кудасава – паэтка, перакладчыца. Нарадзілася ў 1984 г. у Рагачове. Адукацыя: філалагічны факультэт БДУ (руская філалогія), магістратура БДУ (літаратуразнаўства). Пасля заканчэння вучобы доўгі час жыла і працавала як паэтка на Радзіме, у Рагачове на Гомельшчыне. З нядаўняга часу жыве ў Польшчы. Пачала пісаць вершы з шасці гадоў. У перыядычных выданнях вершы друкуюцца з 1999 г. (“Наша Ніва“, “Літаратурная Беларусь“, “Дзеяслоў“, “Маладосць“, “Верасень“ і інш.). Аўтарка кніг паэзіі “Лісце маіх рук“ (2006), “Рыбы“ (2013), “Маё невымаўля“ (2016), “Вясна. Вуснам цесна“ (2021), “Побач“ (2023). Яе творы перакладаліся на рускую, украінскую, англійскую, польскую, чэшскую і балгарскую мовы. Лаўрэатка прэміі “Кніга году“ (2016), літаратурнай прэміі Міхася Стральцова (2021). Перакладае паэзію з удмурцкай мовы. 🔲 Ніл Гілевіч (1931-2016) – паэт, перакладчык, празаік, драматург, літаратуразнавец, фалькларыст і грамадскі дзеяч, Народны паэт Беларусі (1991). Нарадзіўся на Лагойшчыне ў сялянскай сям’і. Скончыў філфак БДУ, дзе пасля доўгія гады працаваў выкладчыкам, дасягнуўшы прафесарскай пасады. Абіраўся сакратаром Саюза пісьменнікаў БССР, быў старшынёй рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, адным з аўтараў Закона “Аб мовах” Рэспублікі Беларусь. Дэбютаваў у друку з вершамі ў 1946 г. Асноўны змест яго творчасці, заснаванай на традыцыйных формах класічнай паэтыкі, — любоў да роднага краю, абарона беларускай мовы, асэнсаванне гістарычнага кону беларускага народа. Сярод адметных прац аўтара раман у вершах «Родныя дзеці» (1985), тэксты для песень, кнігі па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы, а таксама шматлікія пераклады з замежных моў. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980) за кнігу паэзіі “У добрай згодзе”, узнагароджаны шматлікімі ордэнамі і медалямі Беларусі і іншых краін. #беларускаялітаратура #нілгілевіч Дзе па роднай зямлі ні крочыў – Скрозь – ад Прыпяці да Дзьвіны – Перш за ўсё мне ласкалі вочы Жыта, сосны і валуны. Дзе ў далёкіх маіх вандроўках Я ні сьніў аб Радзіме сны – Паўставалі ў іх зноў і зноўку: Жыта, сосны і валуны. I па самай высокай мерцы Мне ўжо ясна, што да труны Данясу я не шмат у сэрцы: Жыта, сосны і валуны. О, сябры! Калі нешта значыць Мой усім вам паклон зямны – Хай і цень мой з пагорка бачыць Жыта, сосны і валуны.
Back to Top