Глеб Лабадзенка / “Пенелопа“

зачыняеш дзьверы і просіш ня топаць усе палеглі, а столькі недагаворана я нахіляюся і кажу: пенелопа, я перастаў паліць, ты задаволена? ты пярэчыш, што я не паліў і раней і я разумею, колькі мінула часу ты перагледзела тры каханьні чацьвертае пайшло самапасам мы запарваем мёд зь мятнай гарбатай ты больш ня просіш мяне галіцца дыхае прыцемкам горад цыбаты а мне хочацца нахіліцца й спытаць: пенелопа, можа хопіць? у іншых вунь нараджаюцца дзеці усё адбываецца усё зьнікае рухаецца у падзеях ты прызначаеш спатканьні карамельнай гарбаце падоўгу сядзіш на падваконьні будуеш вежу з цукровых квадрацікаў глядзіш як ідуць па ходніку коні і кажуць табе ў акно: пенелопа, хопіць топаць як маленькая вучыся хадзіць як мы, пенелопа, не трымаючыся за сьценкі
Back to Top