Данута Бічэль-Загнетава. Сонечны дождж

«Будзе – не будзе», – сядзіш, гадаеш наконт магчымасці дажджу, гледзячы на сонейка, што праглядае паміж хмарамі, і адчуваючы, як падаюць асобныя кроплі. Нейкі сонечны дождж атрымліваецца. Ага, «Сонечны дождж» – верш такі ёсць! Сонечны дождж на зямлю не трапляе, Слізгаецца па лістоце, як смоўж. Зрэдку краплістая кропля страляе. Сонейка свеціць, стамляецца дождж. Так бы й застацца галінкай зялёнай Тут, дзе прамень між галінак завіс. Тут і стагоддзі губляюцца ў кронах, Не ападаючы з лісцем уніз. Дожджык сляпы... І я вочы заплюшчу, Як лесавінка, схаваюся ў мох Ды назаўсёды ўвасоблюся ў пушчу, З ёй уздыхну: сцеражы мяне, Бог... Данута Бічэль-Загнетава
Back to Top