Словы Сержука Сокалава-Воюша
Спі, маё дзіцятка, спі, маё малое.
Ночка-чараўніца крочыць за вакном,
Асыпае вулкі белаю імглою,
Спавівае вочы аксамітным сном.
Што ты, што ты, мама: дзядзька злосны, люты,
А зусім не ночка ходзіць пад жытлом.
Чуеш, як ступае чаравікам кутым,
Бачыш, вунь дубінка, бачыш, вунь шалом.
Супакойся, любы, даражэнькі сынку,
Гэта толькі здані, дрэвы ды кусты.
Даўно спіць і дзядзька, і яго дубінка,
Спіць шалом пракляты, засынай і ты.
Што ты, што ты, мама? Бачыш, вунь падвязан -
Злапаў чалавека і зганяе злосць.,
Пырскае у вочы слезацечным газам,
Латашыць дубінкай колькі сілы ёсць.
Супакойся, сынку, роднае дзіцятка,
Гэта проста дожджык шыбы заляпіў.
Хутка, вельмі хутка прыйдзе з вулкі татка
І раскажа, што там, а пакуль што спі.
Не прыходзіць татка, і не спіць дзіцятка,
І не дождж на шыбах - слёзы у вачах.
І вакно да рання свеціцца у хатцы,
І шалом з дубінкай ходзіць па начах.