Каму мы патрэбныя, калі не сабе (аўдыядок by Vozera Media)

Аўдыядок можна паслухаць на іншых платформах: Castbox Каму-мы-патрэбныя,-калі-не-сабе-id6105046?country=ru Soundcloud Apple Podcasts каму-мы-патрэбныя-калі-не-сабе/id1739790642 Spotify *** Аўдыядок «Каму мы патрэбныя, калі не сабе» студыі Vozera Media даследуе феномен беларускай культуры ў выгнанні. Ва ўмовах, калі раптам стала немагчыма выходзіць на звычныя пляцоўкі з гітарамі, вершамі, карцінамі і тэатральнымі перформансамі, беларускія культурніцкія дзяячкі і дзеячы шукаюць сваю публіку (і сябе заадно) у Польшчы, Германіі, Іспаніі, Вялікабрытаніі, Бразіліі, ЗША і дзе толькі не. Куды завядуць іх гэтыя пошукі? Каму чытаць свае тэксты на беларускай мове? Ці можна ствараць сваё мастацтва ў Польшчы і не «апалячыцца»? Што цікава заходнім галерыстам, калі беларуская траўма ўжо «не ў трэндзе»? І ці адгукаецца «з’ехалае» беларускае мастацтва тым, хто застаецца ў Беларусі? Аўдыядок складаецца з шасці гісторый, якія натуральна пераплятаюцца адна з адною. Мастак-акцыяніст Міхаіл Гулін паехаў на рэзідэнцыю ў Дрэздэн. Па яе выніках ён дэманстраваў свой арт у вялікай галерэі. Але што будзе далей? Ці можа інстытуцыянальная падтрымка беларускіх мастакоў быць неперарыўнай? Чаго бракуе нашым творцам проста цяпер? Адкуль можа ўзяцца так патрэбная зараз гісторыя поспеху? Гурт «РСП» частуе адданую публіку новымі і старымі хітамі. Павал Гарадніцкі ўпэўнены, што людзям варта нагадваць пра бясхмарныя часы. Але і ў новае ён занураецца з вялікай ахвотай: Павал атрымаў яркую ролю ў оперы «Дзікае паляванне караля Стаха», мільгануў у фільме Агнешкі Холанд, выступіў на сцэне галоўнага тэатра Варшавы. Што дапамагае яму трымацца сваёй лініі і не губляць аптымізму? Экс-супрацоўнік галоўнага мастацкага музея Беларусі Мікіта Моніч зараз распавядае пра экспанаты мадрыдскага Прада. Але працягвае весці засяроджаны на беларускай тэме ютуб-канал «Каля культуры». Як у такой прафесійнай двухвектарнасці не згубіць адну з важных для цябе ідэнтычнасцяў? І ці не прасцей спаліць беларускія масты канчаткова? Паліна Дабравольская — рэжысёрка, акторка, музыка, а таму мае больш мажлівасцяў недзе сябе паказаць, чым сёстры па цэху. Упершыню за доўгія гады яна здолела забяспечваць сябе выключна мастацтвам. Прытым гандляваць беларускай траўмай — не яе шлях. Ва ўсіх напрамках Паліне цікава праяўляцца ў глабальных тэмах. Ці не расчыняецца ў чужых мовах і агульначалавечых кантэкстах зернейка беларускасці? Беларуская мова знаходзіцца ва ўразлівым становішчы, і сярод праектаў, якія яе зберагаюць, вылучаецца аўдыявыдавецтва дзіцячай літаратуры «Кніжны воз». Яго сузаснавальніца Крысціна Дробыш упэўненая: варта рабіць тое, што можаш, а далей — будзе плён. Якая будучыня ў праектаў, якія досыць складана капіталізаваць? І як яны здольныя салідарызаваць беларускае грамадства? Літаратарам у замежжы, вядома, даводзіцца пераналаджвацца і шукаць шляхі да сваёй публікі. Так Ганна Комар адкрыла для сябе тык-ток. А яшчэ — знайшла сябе ў калабарацыях з паэткамі і паэтамі з іншых краін. Што мы можам даць адно аднаму? Як беларускі досвед адгукаецца ў далечыні ад роднай багны, лясоў ды паплавоў? Аўдыядок «Каму мы патрэбныя, калі не сабе» ствараўся не для таго, каб даць вычарпальныя адказы на ўсе вышэй азначаныя пытанні. Яго задача мінімум — выразна гэтыя пытанні артыкуляваць, максімум — запусціць хвалю дыскусіі ў мастацкай супольнасці. Падаецца, за апошнія гады мы рашуча ўсвядомілі, што мы дакладна патрэбныя сабе. Што далей?
Back to Top