Перыяд чырвона-жоўтых фарбаў

Па-сапраўднаму раз’юшанае пасля працяглай цеплыні лістападаўскае ветравінне павінна было хутка пазрываць з дрэваў ды параскідаць па завуголлю размаітае і адметнае восеньскае лісце. І тады мусіў скончыцца асаблівы перыяд жоўта-чырвоных фарбаў, мейсцамі нават барвяных і бруснелых. Яшчэ, праўда, застануцца прыгожыя, але неядомыя птушкамі ягады брызгліны, там-сям на вецці будуць вабіць гронкі каліны, якая, дарэчы, сёлета хутка засмягла і сшэрхлася – нават не паспелі наша ўлюбёнае сочыва зварыць. Так, асобныя лапікі чырвані шчэ будуць цешыць вока, але дзівоснага восеньскага буянства фарбаў прыйдзецца чакаць амаль год, калі дрэвы зноўку прыдбаюць сабе каляровую разложную “фрызуру”. І пакуляка рэшткі сёлетняга ўбрання шчэ заставаліся на галлі, карцела парыбаліць сярод сапраўдных восеньскіх вакаёмаў. Падабаецца мне вось так клікаць уласцівыя якомусьці адметнаму часу краявіды з навакольнымі абшарамі. Вакаёмы… Вабіла на вадаём і шчэ адна нагода – назіраў надоечы захапляльнае відовішча – танец шпакоў, калі тысяча птушак імпэтна лунала адзінай зграяй, літаральна танчыла па небе. Завецца гэткая з’ява мурмурацыя, а пабачыўшы яе аднойчы, хацелася паназіраць зноўку. На расхваляваную ваду выйшаў самотна, на старым надзіманым чоўніку. Досыць моцны вятрыска, што дзьмуў з захаду, вымусіў уладкавацца ля падветранага берага. Але ж і добра – тамака якраз і распасціраліся асабліва маляўнічыя прасцягі. Хутка высветлілася, што і рыба на той дзялянцы атабарылася – не забывайма, што першасна свае вандроўкі я ладжу з вударскай мэтай. Неўзабаве на гапліку пачаў з’яўляцца стракаты драпежнік – шчупак. Аднаго дастаў някепскага – здэцца, больш за паўтара кілаграма. Вось ужо задавальненне атрымаў! На вадзе нікога, надвор’е сапраўды восеньска-спінінгавае, трошкі птушкі цвіркочуць, крыху рыба пялёхаецца. Збольшага лавіў на даўно ўпадабаныя вялікія вярчальныя блешні, але раз-пораз чапляў і іншыя прынады. Расфарбоўка гэтым разам спрацавала серабрыстая, з сінімі і чырвонымі плямамі па бакох. Акуня завабіў толькі аднаго, а паквапіўся ён на тую, што і шчупакі, вярчалку. Ну а надвячоркам і шпакі зноўку пацешылі, хоць ужо і не такія шматлікія, як мінулым разам. Вымкнуліся як па гадзінніку – пад самае сутонне. Балазе не ў цемрыве, а то б зняць відовішча не атрымалася. А так, змяніўшы вудаўё на здымач, захаваў уражальны птушыны танец.
Back to Top