Беларусь вяртае незалежнасьць / Сведкі

27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР у выніку драматычнага абмеркавання, калі апазіцыя скарысталася разгубленасцю камуністаў, прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. А пасля правалу маскоўскага путчу 25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет надаў Дэкларацыі канстытуцыйны статус і распусціў КПСС – КПБ. Гэта было перадусім заслугаю апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, якую на плошчы перад Домам ураду падтрымлівалі тысячы людзей. 8 снежня таго ж года ў Віскулях (Белавежская пушча) кіраўнікі Беларусі, Украіны, Расеі падпісалі пагадненне аб скасаванні СССР. Беларусь стала самастойнаю дзяржавай. А 19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў законы Аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь і Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь. Дзяржаўным гербам Беларусі стаў старажытны беларускі герб Пагоня, Дзяржаўным сцягам Беларусі бел – чырвона – белы сцяг. Сведкі – былыя дэпутаты Вярхоўнага Савету, сябры апазіцыі БНФ Алег Трусаў, Станіслаў Шушкевіч.
Back to Top